Profile cover photo
Profile photo
Наталья Литовчик
2 followers
2 followers
About
Posts

Сцэнарый фальклорнага свята Роднай мовы ў 1 класе

Падрыхтавалі вучні 1 “Д” класа з настаўніцай Літоўчык Н.М.

Зала ўпрыгожана ў нацыянальным стылi: рушнікi з беларускiм арнаментам, вышыўка, кветкі з паперы валошкі і канюшыны.
Гучыцъ вясёлая беларуская народная музыка “Лявоніха”, у залу заходзяць гаспадар i гаспадыня.

Гаспадыня: Добры дзень вам, паважаныя госцi!
Вельмi добра, што вы завiталi да нас. Сёння вас чакае сустрэча з беларускiм дзіцячым фальклорам.
Пад гучанне песнi «Добры вечар», у залу ўваходзяць усе вучні першага класа.
Дзяўчынка: Добры вечар у хату!
Гаспадар: Вечар добры, дзяўчынкi і хлопчыкі!
Дзеці: Дазвольце, шаноўныя гаспадар i гаспадынька, да вас завiтаць?
Гаспадар: Праходзьце, калi ласка!
Дзеці: Дзякуй вам, гаспадар i гаспадынька.
Гаспадыня: Дзяўчаты, можа вы нам якую-небудзь песню заспяваеце?
Дзяўчаты: Заспяваем, а хлопчыкі нам дапамогуць.
(Выконваецца песня «Вітальная»)
Хлопчыкі:
Людзі кажуць:
Жыццё пражыць – не поле перайсці;
У адну ваду два разы не ўвайсці;
З людзьмі ўжыцца – што пуд солі з’есці;
Навуку за плячыма не носяць.

Настаўнік:
Гэта беларускія народныя прыказкі і прымаўкі. У іх выказваецца народная мудрасць і жыццёвы досвед. А якія прымаўкі і прыказкі вы яшчэ ведаеце?
(Дзеці называюць)
Хочаш добра жыць, павiнен працу любiць.
Нiчога само не робіцца.
Чалавек без працы, што птушка без крылаў.
Не за сваю працу не бярыся.
Век жыві - век вучыся.
Без навук, як без рук.
Гультай за работу – мазоль за руку.
Якая справа, такая і слава.
Чалавек без сябра, што яда без солі.

Настаўнік:
А гэтую прыказку вам патрэбна скласці самім: Радзіма – матка, чужына – мачыха.

Настаўнік:
Малайчыны! Вы добра ведаеце беларускія прыказкі і прымаўкі.

Адным са старажытных відаў народнай творчасці з’ўляюцца загадкі. Чалавек складаў загадкі пра тое, з чым ён сустракаўся ў жыцці, дома, на працы, у час адпачынку. Яго асабліва цікавілі з’явы прыроды, бо ад іх залежыў ураджай і дабрабыт народа.
1. З барадою, а не стары, з рагамі, а не бык, дояць, а не карова, лыка дзярэ, а лапці не пляце. (каза)
2.У вадзе купаўся, ды сухім застаўся. (гусь)
3.Спераду тыльцы, ззаду вільцы, наверсе чорнае сукно, падыспадам белае палатно. (ластаўка)
4.Доўгі насок, тонкі галасок, хто яго заб’е, той кроў пралье. (камар)
5.Чорны, ды не воран, рагаты, ды не бык, шэсць ног без капыт, ляціць- вые, сядзе – зямлю рые. (жук)
6.Калматы, вусаты, есці пачынае, песенькі спявае. (кот)

Гаспадар: А зараз мы з вамі пагуляем у гульню “Сляпы музыкант”.

З дапамогай лічылкі дзеці выбіраюць музыканта.
Кацілася торба з вялікага горба.
А ў пой торбе хлеб, пшаніца.
З кім ты хочаш падзяліцца?

- Гуляючыя становяца ў круг. Аднаму з іх завязваюць вочы і даюць у рукі палачку. Гэта – “сляпы музыкант”. Ён дакранаецца палачкай да каго-небудзь з гуляючых. Ігрок падае голас: пішчыць, гудзе, імкнецца зрабіць так, каб “сляпы музыкант” не пазнаў яго. Калі той усёж такі адгадае, ігрок ідзе на сярэдзіну круга і гульня працягваецца з новым “музыкантам” ( калі “сляпы музыкант” тры разы не пазнае, хто падае голас, ён выбывае з гульні).

Гаспадыня: А зараз пацехi для смеху. Хто з вас ведае гарэзлiвыя дражнiлкi?

Антось барадаты вёў казу каля хаты
Антанiна паганяла, на цукеркi зарабляла.

Вiця, Вiця, Вiцяля
З'еў карову i цяля.
I дванаццаць парасят,
Толькi хвосцiкi вiсяць.

Сяргей – Верабей на канi катаўся,
Рукi, ногi паламаў,
Без штаноў застаўся.

Дзядзя Коля – велiкан
Увалiўся ў стакан.
У стакане малако,
Дзядзя Коля... Ко, ко, ко!

Хлопчык:
Хопiць вам дражнiцца,
Давайце лепей весялiцца!

Дзяўчынка:
Як музыкi заiграюць,
Hoгi самi рвуцца ў пляс.
Ай да туры – растатуры,
Беларускай мы натуры.

(Дзецi выконваюцъ танец «Кацiлася чорна галка»)

Настаўнік:
Ці ведаеце вы беларускія народныя песні? Назавіце, якія песні вы ведаеце?
(калыханкі, жніўныя, вясельныя, калядныя і інш.)
Успомніце, што часцей спяваюць бабулі, матулі малым дзеткам. Правільна, калыханкі. Паслухайце адну з іх.
(выходзіць дзяўчынка, трымае ў руках ляльку і спявае калыханку)
Баю, баю, баенькі,
Баю, баю, баенькі,
Люлю, люлю, люленькі,
Прыляцелі гуленькі.
Селі яны ў люленькі,
Сталі яны варкаваць.
Малютачку калыхаць.
Маўчы, маўчы, не крычы.

Правобразам песні-калыханкі была замова, якая сном-дрымотай агортвала немаўля.
(Дзяўчынкі расказваюць замовы для сваіх лялек).

Спі, мая кветачка,
Любая дзетачка,
Люльку пад грушаю
Ветрык пагушкае.

Мамка ў полі жне,
Татка валы пасе.
Татка пасе ўвесь дзень
І да цябе ня йдзе.
Спі, мая кветачка,
Любая дзетачка.

Ой люлі, люлі, люлі,
Прыляцелі жураўлі.
Журавелькі доўганогі
Не знайшлі сабе дарогі.
Яны селі на вароты, —
А вароты скрыгі… скрып…
Не будзіце нашу дзетку,
Наша дзетка спіць, спіць.



Люлі-люлі-люлі,
Паляцелі куры.
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі куркі сакатаць,
А што куркам есці даць:
Ці ячменю жменю,
А ці жыта карыта,
Ці гароху троху,
А ці бобу каробу,
Ці грэчынкі рáжку,
Маленькай на кашку.

Ты лажыся на бачок
Спіць пад печчу светлячок
Выйшла мышка праспяваць
Каток шэпы паляваць

Спі, дачушка, спі
Ды аб долі сні.
Маці будзе калыхаці,
Будзе песеньку спяваці.

Расце ў жыце кветка,
Кветка васілёчак.
Расце маё дзіцятка
Ў ясненькі дзянёчак.

А цяпер давайце заспяваем калыханку разам:
Люлі, люлі, люлі,
Дзеткі ўсе паснулі,
Не спіць толькі коця,
Ходзіць па балоце.
Адмарозіў лапку,
Пайшоў грэцца ў хатку.
Недзе коцю дзецца,
Лапачцы пагрэцца.
Палез на палаткі —
Спалохаўся бабкі.
Палез ён на вышкі —
Там гулялі мышкі.
Так яны дурэлі —
Хвост кату ад’елі.
Пайшоў каток у лясок,
Знайшоў белы паясок.
А котачка узяла
I дзіцяці аддала.
Пайшоў каток пад масток,
Злавіў рыбку за хвасток.
Ці самому з’есці,
Ці дадому несці?
Думаў, думаў каток,
Укусіў адзін разок
I панёс дадому
Дзіцятку малому.

Настаўнік:
Малайчынкі, але акрамя калыханак, каб дзяцей пазабаўляць, ім расказвалі забаўлянкі, пацешкі.

Кую,кую ножку,
Паеду ў дарожку,
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая.
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка,
У новай кашулі,
Да майго дзядулі.

Ідзе каза рагатая,
Ідзе каза, ідзе,
Барадою трасе,
Малачко нясе.
Малачка хто не п’е-
Таго – бу! Забаду!
На рогі пасаджу!

Гаспадар:
Нашы дзяўчаткі падрыхтавалі песню “Саўка ды Грышка”.

Саўка ды Грышка ладзілі дуду,
Павесяліцца ды прагнаць нуду.
Дуду, дуду, дуду, дуду,
Ды прагнаць нуду.

Як разышліся музыкі, гуча,
Згінула гора, згінула туга.
Гу-га-га-га, гу-га-га-га,
Згінула туга.

Дзядок старэнькі, ёмкі ўзяўшы прут,
Кіем на дзверы паказаў ім тут.
Ту-ту-ту-ту, ту-ту-ту-ту,
Паказаў ім тут.

Настаўнік:
А зараз запрашаем на сустрэчу з казкай:
“Ці то полем, ці то лесам, ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Прытаміліся, прыселі. Раптам чуюць – спявае нехта. Прыслухаўся першы: “Відаць жаваранак”, “Не,- кажа другі- гэта лес шуміць”. А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў: “Ды гэта ж зямля наша спявае”.(Тры падарожніка размаўляюць)
Так, зямля наша спявае. Бо беларускі народ мае багатую спадчыну: песні, карагоды, жарты, загадкі, прыказкі.
З самых малых гадоў казка ішла і жыла побач з намі. Яна захапляла нас святлом незвычайнага, неверагоднага, фантастычнага. Мы любім казкі за тое, што ў іх заўсёды дабро перамагае зло, мудрыя, мужныя, знаходлівыя людзі перамагаюць несумленных, нядобрых, ліхіх. Казкі сеюць зерне мудрасці.

Хлопчык:
…Усіх гадуюць нас матчыны казкі.
Яны вучаць родную мову любіць,
З няпраўдай змагацца, а з праўдай дружыць
І аб недасяжным і сонечным марыць.

Дзяўчынка:
Вельмі добра, што ў казках
Ёсць нам розныя падказкі -
Як пражыць, каго лепш слухаць,
Каб нам пораху не нюхаць.
Павучыць мы вас жадаем,
Паглядзець вас запрашаем.

Настаўнік:
Нашы артысты падрыхтавалі невялічкую казку “Пчала і муха”
Выходзяць дзеці ў касцюмах.

Муха. Як добра на свеце жыць!

Пчала(ляціць).Ж-ж-ж!

Муха (прачнулася і кажа сярдзіта). Хто гэта? Ах ты, нягодніца! Чаго тут над вухам стогнеш, мне спаць не даеш?

Пчала. Ж-ж-ж! Выбачай! Я шмат мёду нясу, дык і стагну ад цяжару.

Муха. Ха-ха-ха! Сядай! Шмат мёду нясеш, а сама, пэўна, галодная: вунь якая худая, як мыш з царквы.

Пчала. Так. Мы, пчолы, збіраем цуды, а самі худы!

Муха. А чаму ж вы худы? Мёд жа ў вас ёсць.

Пчала. Дык мёд жа мы збіраем не толькі для сябе, а і для дзетак, і для гаспадара, які нам хатку зрабіў, даглядае нас.

Муха. Чакай! Чакай!Як гэта можна збіраць мёд для іншых? Мы, мухі, так не робім!

Пчала. Няма мне калі з табою гаманіць: трэба дзеткам мядовую кашку варыць.

Муха. А дзе возьмеш мядовую кашку?

Пчала. На сабе вязу!

Муха. У чым?

Пчала. (адлятаючы) У вазку, у палазку і за пазухай. Ж-ж-ж.

Муха. У чым? У чым?

Вядучы:
- Адзін працуе цэлы дзень,
А другі глядзець, дзе лепшы цень.

Настаўнік:
Казка, як гаварыў Максім Танк, вучыць нас любіць родную мову, змагацца са злом і няпраўдай, марыць аб шчаслівым заўтрашнім дні, які абавязкова наступіць.

Напрыканцы нашага свята давайце заспяваем беларускую народную песню “Сядзіць камар на дубочку”.

Сядзіць камар на дубочку,
На зялёненькім лісточку.
Ай, люлі, люлі, люлі,
На зялененькім лісточку.

Сядзіць камар, напявае.
Чорных мушак забаўляе.
Ай, люлі, люлі, люлі,
Чорных мушак забаўляе.

Наляцела злая бура,
Камарочка з ліста здула.
Ай, люлі, люлі, люлі,
Камарочка з ліста здула.

Тут дзве мушкі падляталі,
Камара пад ручкі ўзялі.
Ай, люлі, люлі, люлі,
Камара пад ручкі ўзялі.

Камара пад ручкі ўзялі,
У дом вялі, у пасцельку клалі.
Ай, люлі, люлі, люлі,
У дом вялі, у пасцельку клалі.

Настаўнік:
Малайцы, вы добра папрацавалі! Усё было на нашым свяце: і песні, і казкі, і прымаўкі, і забаўлянкі…
А яшчэ да нас прыляцела птушка - сімвал нашай Беларусі – бусел. Ён прынёс кветачку нашых палёў - васілёк, але тат не хапае маленькага сонейка. Каб гэта сонейка з’явілася, вам патрэбна ўсміхнуцца і падарыць усмешку адзін аднаму і тады ад цеплыні вашых усмешак загарыцца сонейка на васільку.

Гаспадар і гаспадыня:
І нам хочацца пажадаць вам, госці,
Дружна жывіце,
Край свой любіце.
Не таму любіце, што ён за ўсіх цяплейшы, ці прыгажэйшы,
А таму любіце, што ён мілейшы, за ўсё даражэйшы.


Складальнік: Літоўчык Наталля Мікалаеўна
Add a comment...
Wait while more posts are being loaded